May 9th, 2007

nohi

ЛІЛІ МАРЛЕН

Памятаеце, як пару гадоў таму зоркі й зорачкі беларускай папсы сьпявалі на нашым ТВ савецкія патрыятычныя песьні, зьвязаныя з другой сусьветнай, да Сьвята Вялікай Перамогі. Беларускіх песень у іх не знайшлося. Лявон Вольскі, што таксама далучыўся да праекту, тады “выкруціўся”, прасьпяваўшы па-польску чатырох танкістаў з сабакам.

Сёньня ў нас на Ўсходзе не сьпявалі пра польскіх танкістаў, затое ўвесь савецкі рэпэртуар быў у наяўнасьці. І я згадаў, як таксама па-творчаму адзначыў 60-годзьдзе Перамогі й пераклаў адну знакамітую нямецкую песеньку, папулярную зь іншага боку фронта.
6.17 КБПарадаксальна, але песенька ня мае ў сабе нічога ваеннага й прысьвечана выключна каханьню. Больш за тое, яе тэкст узьнік значна раней за ІІ сусьветную. Легенда, якой мне хочацца верыць, кажа, што гамбурскі юнак Ганс Ляйп (Hans Leip) перад адпраўкай у 1915 г. на ўсходні фронт часам пакідаў казарму, каб па чарзе круціць раманы зь дзьвюма дзяўчатамі. Адну звалі Лілі, а другую Марлен. Потым з гэтага паўстаў лірычны верш. Да паэзіі пра каханьне ўтраіх традыцыйнае нямецкае грамадзтва было шчэ не гатовае, а крыўдзіць нікога зь дзяўчат маладому паэту не хацелася, таму дзьве дзяўчыны аб’ядналіся ў адно імя Лілі Марлен.

3.39 КБУжо ў трыццатыя гады Норбэрт Шульцэ напісаў на гэты верш мэлёдыю. Песьня, неймаверна папулярная ў акопах, ператварылася ў неафіцыйны гімн, хоць міністар прапаганды Гебэльс імкнуўся стрымаць яе пашырэньне, бо “мэлянхалічныя словы й музыка дэмаралізуюць баявы дух нямецкіх салдат”. Па іроніі лёсу, песьня зрабілася папулярнай і зь іншага боку фронта, калі “вораг Трэцяга Райху” Марлен Дытрых засьпявала яе па-ангельску для саюзьнікаў і па-нямецку – для палонных немцаў. 3.85 КБА ў 1980 годзе выйшаў фільм Р.В.Фасбіндэра “Лілі Марлен” з Ханнай Шыгулай у галоўнай ролі. Фільм пра лёс першай сьпявачкі геніяльнай песьні Лале Андэрсэн. (Якая, дарэчы, перажыла вайну і ў 1961 годзе нават выйграла Эўрабачаньне!)

Беларускі пераклад выйшаў досыць вольным, але не такім хуліганскім, як расійскі, Іосіфа Бродзкага. Крыху “адсябеціны” (асабліва пра “вены”, наркаманаў прашу не хвалявацца :)) вынікла зь неабходнасьці неяк захаваць рэфрэн і зь нечым яго рыфмаваць. Так ужо склалася, што верш, напісаны ад асобы мужчыны, раней сьпявалі выключна жэншчыны. Хто ведае, мо ніжэйшы тэкст спакусіць якую беларусачку. У сэнсе, выканаць песьню. Эўрабачаньне, знаеце, і ўсё такое. Карцей, са Сьвятам Перамогі, дарагія землякі!6.60 КБ

ЛІЛІ МАРЛЕН

Перад казармай,
дзе ўначы ліхтар
ліў сьвятло на твар мой
і табе на твар, –
зноў бы стаяць, безь перамен,
пад ліхтаром, ля гэтых сьцен,
з табой, Лілі Марлен.

Нашыя два цені
зьліліся ў адзін.
Мроі-летуценьні
й не стае гадзін.
Глядзі, хто прагне палкіх сцэн,
як мы ўдваіх ля гэтых сьцен
стаім зь Лілі Марлен.

Я пасьля адбою
мчуся да цябе.
Хай мне сьвеціць трое
сутак на “губе”,
буду ўсю ноч, як верны цень,
ізноў стаяць ля гэтых сьцен
з табой, Лілі Марлен.

Бачыў тваю постаць,
слухаў кожны крок,
ды каханьне помсьціць,
нават незнарок…
І хто цяпер, мяне ўзамен,
пад ліхтаром, ля гэтых сьцен,
з маёй Лілі Марлен?

Зь цемрадзі і згубы,
з роспачы на дне
клічуць твае губы,
нібы ў сьне, мяне.
Хай зноў мілосьць кранецца вен,
і буду зноў ля гэтых сьцен
з табой, Лілі Марлен.