May 6th, 2007

nohi

in memoriam

* * *
у той губэрніі ўсё менш табе незнаёмых паветаў
“доўга й шчасьліва” бяз рэшты ня дзеліцца на дваіх
і ўсё што ты можаш гэта перакладаць мёртвых паэтаў
на радаўніцу і дзяды а на вялікдзень жывых

калі вырастае трава то вядома зьяўляюцца і касцы
касіць пад беднага ёрыка здолее кожны спэц
і ўсё што ты можаш раз ці двойчы на год даглядаць капцы
але – выпівай на ім альбо не – капец ён і ёсьць капец

і ўсё што ты можаш гэта ўдаваць бы вочы сьлязяцца на сонцы
бо ў той губэрніі незнаёмых паветаў застаецца ўсё меней
хаваеш рукі ў кішэні нібы ў дзіцячай пясочніцы
і камбінацыі пальцаў хапае ўсяго на тры жмені

і ўсё што ты можаш набыць у краме цацачнае аўто
а потым сярод тканінаў новы льняны ручнік
прынесьці ў хату прэзэнты малому кіроўцу што
паставіць аўто на ручнік і на хвілю ты перамог жартаўнік

і хтосьці даедзе да польскай мяжы а хтось апынецца ў бэрліне
а хтосьці ў дарожным трэйлеры дамчыць да сваёй аёвы
а хтосьці дабраўся хутчэй за ўсіх і ўжо за апошняй лініяй
і ўсё што ты можаш румзаць і крэмзаць вось гэты вершык…
вершык дарэчы так сабе