April 19th, 2007

nohi

ЧЭСЛАЎ МІЛАШ

4.41 КБ
4.44 КБ
Напярэдадні прэзэнтацыі дазвольце прадставіць адну з “заўтрашніх” кніжак трохі падрабязьней. Вось жа, Чэслаў Мілаш. Кніга выбраных вершаў “Іншага канца сьвету ня будзе”. Кніга выйшла тоўстая й, зразумела, дзьвюхмоўная. Дызайн Міхала Анемпадыстава. Вельмі прадстаўнічая кампанія перакладчыкаў. Алег Мінкін. Алесь Чобат. Алесь Разанаў. Лявон Баршчэўскі. Польскі беларус Ян Чыквін. Маладзейшыя ад іх Юрась Бушлякоў і Мікола Раманоўскі. Класны перакладчыцкі дэбют Яўгена Бурага. Ну й ваш пакорны слуга, чые пераклады вы можаце тут пачытаць. :)



ПЕСЕНЬКА ПРА КАНЕЦ СЬВЕТУ

У дзень канца сьвету
Над кветкай настурцыі лётаюць пчолы,
Рыбак ладзіць свой нераток,
У моры вясёлыя скачуць дэльфіны,
А скура вужа зьзяе золатам, як і павінна,
Малы верабейка чапляецца за вадасьцёк.

У дзень канца сьвету
Жанчына па полі ідзе з парасонам,
Спіць п’яны ў абдымку з газонам,
На вуліцы крык гандляроў садавінай,
Пад ветразем лодка ідзе, як павінна,
Лунаюць скрыпічныя гукі ў паветры,
Ўначы адмыкаючы зорныя нетры.

А ўсе, хто чакаў перуноў і маланак,
У расчараваньні.
А ўсе, што чакалі трубы Арханёла і знакаў,
Ня ў стане даць веры, што ён настае.
Пакуль над зямлёй сонца зь месяцам кружаць,
І чмель прылятае да ружы,
І дзеткі ружовыя родзяцца ў жонкі і мужа,
Ніхто ня дасьць веры, што ён настае.

І толькі сівенькі стары, які мог быць прарокам,
Але ж не прарок, бо на гэта ёсьць іншыя людзі,
Падвязвае памідоры і кажа сабе:
Іншага канца сьвету ня будзе,
Іншага канца сьвету ня будзе.

1945

Collapse )