April 18th, 2007

nohi

ЯК БАРМЭН ПАДТРЫМАЎ АДАМОВІЧА

Учора ў Беларусь прыляцеў аўстрыйскі пісьменьнік Марцін Полак (Martin Pollack). Можа, на радзіму прозьвішча – у Полацак – пацягнула? :) Марцін будзе выступаць у Берасьці, Гомелі й Менску. Потым зьбіраецца напісаць эсэ пра Беларусь. Учора госьць ужо атрымаў першыя ўражаньні. Увечары мы зь ім сустрэліся й пайшлі на піва. Марцін зь вялікай прыязнасьцю ставіцца да Беларусі й беларушчыны, толькі вось сумаваў, што найхутчэй нічога беларускага тут не пабачыць і не пачуе. І я, шчыра кажучы, пабойваўся, што так яно й будзе.

Але вось мы выйшлі на праспэкт незалежнасьці ад Скарыны і, прамінуўшы рэстарацыю “Печкі-лавачкі”, завіталі ў бар з чэскім півам. Бармэн адказаў мне па-беларуску. Мы ўсьцешыліся й краем вока сачылі за ім. Расійскамоўным наведнікам ён таксама адказваў па-беларуску. А пасьля, прымаючы ў нас замову, раптам спытаўся… пра што б вы думалі? Бармэн спытаў у мяне, дзе можна набыць кнігу Славаміра Адамовіча “Плавільшчыкі расы”. Пару сэкундаў я прыходзіў у сябе, потым нешта тлумачыў пра бібліяграфічную рэдкасьць, слова за слова, крыху паразмаўлялі пра літаратуру – на вачах у зьлёгку агаломшанага аўстрыйскага пісьменьніка. “А што, – ужо больш упэўнена кажу я Марціну, – хіба аўстрыйскія бармэны не чытаюць паэзіі?” “Ну прызнайся, – кажа Марцін, – ён жа пазнаў цябе і таму спытаў?” “Не, – адказваю, – ён так з усімі кліентамі”.

“Добра, – кажу я Марціну ўжо на вуліцы Энгельса, – усё тлумачыцца проста. Інстытут Гётэ вырашыў зрабіць уражаньне на цябе, мы знаходзімся ўсярэдзіне фінансаванай немцамі беларускай тэатральнай масоўкі. Марцін нічога не адказаў. Ён слухаў, як ладная групка дзяўчат і маладзёнаў нападпітку, праходзячы паўз нас, радасна пяяла: “Падымі мянееееее па-над зямлёю!..”
sto li100u

ДЭВІРТУАЛІЗАЦЫЯ Ў КІЕВЕ

Дарагія кіяне й госьці сталіцы Ўкраіны!
23 красавіка (квітня), у панядзелак, маю паэтычную вечарыну ў Кіеве, дакладней - у "Смолоскипі" (пакуль што ня ведаю, добра гэта ці дрэнна :)). Вечарына пачнецца а 18.30 і, здаецца, будзе называцца "Хадановіч: дэвіртуалізацыя". Будзе прэзэнтацыя кніжкі "Сто лі100ў на tut.by". Будуць таксама іншыя, зусім новыя тэксты. Будзе гітара й спроба сьпеваў: беларускія вэрсіі Леанарда Коэна й музычныя хуліганствы проста ад мяне. Усіх украінскіх фрэндоў шчыра запрашаю дэвіртуалізавацца! Усіх, хто мяне ведае ў рэале, - тэрмінова забыць, а пасьля зафрэндзіць - і таксама дэвіртуалізавацца!