April 8th, 2007

nohi

БЕЛЫ РЫЦАР

1,96 КБ
7,31 КБ
3,39 КБ



Ён сарамяжлівы зь вечнасьцю і дзяўчатамі:
цяжка разьлічваць на тое, у чым ня кеміш.
Часам на вёслах, ды вечна па-за рэгатамі,
што рэгулярна ладзяць Оксфард і Кембрыдж.

Дні і гады ня будуць геройствам насычаныя:
ані прыгодаў, ані інтрыгаў пры ўладзе.
Нават імя празь дзьве падвойныя зычныя
непазнавальна зьменшыцца ў перакладзе.

А ён пісацьме гісторыі ўсё спакусьней
аб каралёх і капусьце ды іншых рэчах,
аб тым, як сядзяць на грыбох нявінныя вусені
і хто сьмяецца апошні ў сям’і кашэчых.

Нешта зрымуе пра “помніш мяне?”, пра “помню вас”,
сфатаграфуе казачную дзяўчынку
і па-ангельску пакіне апошні омнібус,
не разьвітаўшыся на канцавым прыпынку.