April 3rd, 2007

nohi

"начная свабода" і іншыя вершы

начная свабода

начную свабоду сустрэну ў далёкай вандроўцы
а потым вязу праз мяжу кантрабандны тавар
начная свабода ня ведае правілаў руху і нават кіроўцы
вялікіх зялёных машын яе помняць у твар

начное свабоды ня знойдзеш у краме і храме
а той хто надумаў шукаць – адмарозак і псіх
начное свабоды ў прагнозах і тэлепраграме
няма бо свабода – начное кіно не для ўсіх

начная свабода ня гульні ў лядовым палацы
начная свабода ляціць міма кортаў у аўт
начная свабода з табой замярзае ў палатцы
а ты не сагрэеш бо ты не найлепшы бойскаўт

агонь запальнічкі асьвеціць свабоду начную
захочаш сказаць ды запнешся губляючы ніць
яна пачастуе гарбатаю і цыгарэт прапануе
і я ўпершыню пашкадую што кінуў паліць

начная свабода сьпявае паскудзе й герою
і той хоць ня ведае словаў паўшэптам пяе
начная свабода прысьніцца аднойчы і кожнай парою
і кожнаю пораю году чакаеш яе

над змрочнаю зонай лунае пакуль безназоўнай
адно выпадковы самнамбула выгукне: «ваў!»
прыўкрасная жабка ці зробіцца ўрэшце князёўнай
зьдзяйсьняючы мары таго хто чакаў і трываў?

"Начная свабода" і іншыя тэксты ў 25 нумары часопіса "Дзеяслоў". Трохі вершаў было ў кніжцы, але большасьці не было.