March 29th, 2007

nohi

Фантомныя радасьці

Улетку асьцярожна абыходзіць месца, на якім пасьлізнуўся й падвярнуў нагу ў лютым.

Баяцца сустрэчы з родным дзядзькам, зубным доктарам, хоць ён даўно ўжо на пэнсіі.

Шкадаваць, што бібліятэка пераехала й больш не насупраць твайго факультэту, хоць твой факультэт сам пераехаў і даўно ўжо ў будынку партыйнай школы.

Ніколі не сьпяваць улюбёнай песьні з кінафільму, пасьля якога ты атрымаў па пысе ў ваенным гарадку ў мікрараёне Ўручча.

Згадваць код перад тэлефонным нумарам, каб пазваніць у кватэру, дзе яна даўно не жыве, а каторы ўжо год жыве разам з табой.

Фантомныя радасьці. Настае момант, калі ад іх ужо не ўцячэш.

Калі ты спазьняесься на электрычку, якую сёньня адмянілі, і ты гэта ведаеш, але ўсё адно сьпяшаесься, рызыкуючы пасьлізнуцца й падвярнуць нагу.

Калі ты загаворваеш зубы бібліятэкарцы, што кажа, быццам ты пяць год не вяртаеш кніжку, якую ты ніколі ня браў, і паказвае запоўнены тваёй рукой фармуляр.

Калі, едучы на мэтро ў бок мікрараёну Ўручча, ты спрабуеш прабіць на кампостэры для ільготных талёнаў плястыкавы жэтон і разумееш, што незваротна вырас.

Калі ты хаваесься ў старой будцы тэлефона-аўтамата і звоніш адтуль па мабільніку.

Звоніш ёй.

Па ейным мабільніку.
2,30 КБ