March 28th, 2007

nohi

Францішак Сапега

2,37 КБ

Бяда стомленаму целам, калі неспакой душы адымае ў яго сон; бяда абжоры, калі казытлівы пах страваў не вяртае яму страчанага апэтыту; бяда таму, хто мае розум і грошы, але акрамя гэтага ўсё на яго наводзіць сум…

Кажуць, што Эжэн Сю… у сваіх “Парыскіх таямніцах”… намаляваў кн. Францішка.

Кн. Лявон Патоцкі

Францішак Сапега – магнат, прыгажун, пэрсанаж
францускіх раманаў і чутак тутэйшай зямлі.
І можна было б самаўпэўнена выгукнуць: “Наш!”,
каб мёртвыя нашы здагадкі пацьвердзіць маглі.

Паставіў на ўласнай кар’еры вялізарны крыж.
Навошта яна? Пагатоў, у такія часы,
калі нескладана штогоду наведваць Парыж
і лёгка зрабіцца героем бульварнай папсы.

Навошта чытаць, што прыдумаў стары Герадот?
Дасьціпны сусед перакажа табе анэкдот.
Усе цябе любяць, бо дзесяць мільёнаў пазык.
Тым больш, віртуозна падвешаны ў роце язык.

Спазнаў і каханьне й сяброўства, і картачны стол,
і ўсе таямніцы сталіцы, і сьвет, што наўкол;
спазнаў, як разьюшаны злодзей наводзіць прыцэл, і
раптоўна адчуў: абышлося і ўсё-такі цэлы.

Вэнэцыя – места, што голаў трымае ўгары,
а хвост у вадзе – не раўнуючы пінскі бабёр!..
Ды трэба дадому – праверыць, а як там сябры
і хто зь іх па колькі рухомай маёмасьці сьпёр?

А там крэдытор: “Аддасі мне, што браў напавер?”
І што зь небаракам рабіць? Жартаваць: “Аддасю”.
І будзе чакаць: крэдытор – ён таксама ня зьвер,
а недзе пільнуе пісьменьнік па прозьвішчы Сю…

Паўсюль тыя самыя гульні ў азартных дамох,
паўсюль тыя самыя зьлівы і неба ў смузе.
Парыж і Дзярэчын – два месцы, дзе жыць бы ты змог,
і тое патроху, і тое калі па чарзе…

Францішак Сапега, герой, авантурнік, магнат,
што ведаў, як робяцца ўчынкі й мінаюць гады,
ішоў па канаце, пакуль не парваўся канат,
усё, што хацеў, атрымаў – і памёр ад нуды.