March 22nd, 2007

nohi

Парная лічба

Дзяўчына прыходзіць у краму.
Дзяўчына купляе рамонкавую гарбату,
пакунак на дваццаць аднаразовых пакецікаў.
Дзяўчына прыносіць пакунак дадому.
Дзяўчына выцягвае пакецікі па адным,
варожачы: “Кахае. Не кахае.
Кахае. Не кахае. Кахае”.
Хоць ведае, як бывае ў жыцьці
з парнымі лічбамі. А што рабіць?
Рамокавую гарбату на двацаць пяць пакецікаў
зноў раскупілі іншыя дзяўчаты.
chkalava

Пра маю эміграцыю :)

Зноў - які ўжо раз - павесялілі чуткі пра мяне. Прыходжу чытаць лекцыю ва ўнівэр, а студэнты пытаюцца: "А ці праўда, што вы эмігруеце ў Нямеччыну?" Ну адкуль вось такое бярэцца? Рэальная падстава самая мінімальная: сёньня я напраўду (але ўсяго на тры дні!) зьяжджаю ў Ляйпцыг на кніжны кірмаш, дзе маю выступ у цудоўнай кампаніі ўкраінцаў і беларусаў (Жадан, Карпа, Астап Сьлівінскі, Бахарэвіч і асабліва мілая майму сэрцу Вальжына Морт). Цікава, ці пыталіся ў Вальжынкі ў ейных Злучаных Штатах: "А ці праўда, што Вы кідаеце Амэрыку дый эмігруеце ў Нямеччыну?"

Дарэчы, на хвалі чамаданнага настрою:


Чысьціня über alles

Самалёт прызямляецца.
Ветлівая сьцюардэса праходзіць па салёне,
зьбіраючы ў пакет раскіданае сьмецьце.
На ўсякі выпадак накрываю кашуляй
любімую кніжку.