March 18th, 2007

nohi

Вершы Быкава :)

Быў учора ў галерэі Пушкінскай бібліятэкі на вечары-спарынгу вельмі сымпатычных паэтаў Аляксандра Кабанава з Кіева й нашага, берасьцейскага, Сяргея Прылуцкага. Уражаньні самыя пазытыўныя.

Адзін з арганізатараў, расійскі культуртрэгер Андрэй Новікаў, прывез трохі паэтычных кніжак і гандляваў опіюмам для народу. Вось толькі замову маю ён ня выканаў. Не прывез новай кніжкі Быкава. А я, між іншага, выхоўваўся на вершах гэтага Быкава... Зразумела, Дзьмітрыя Быкава, калісьці "куртуазнага маньерыста", а цяпер проста добрага паэта.

Людзей на акцыі было малавата. Вершы былі цудоўныя. Кабанаў, па-мойму, адзін з найлепшых сёньняшніх расійскамоўных паэтаў, проста парваў слухачоў. Прылуцкі, ня маючы кабанаўскага досьведу чытаньняў, відавочна хваляваўся, але самі тэксты былі ў парадку й годна прадставілі белліт.
nohi

Сьвята па імені Руся

А з чытаньняў мы плаўна перацяклі ў клюб на Талбухіна, дзе зь лёгкім спазьненьнем сьвяткавала свае народзіны чароўная Руся, якую бязьмежна люблю й паважаю. Зь якой разам пішу тэксты для ейнага "Indiga". Канцэрт быў вялікім і драйвавым. Дарагая Руся, дзякуй за запрашэньне! Тваё сьвята атрымалася прыўкрасным!

Малады гурт “ на разагрэве” выканаў кавэр – старую, яшчэ расійскамоўную песьню "Indiga", пасьля якой я зразумеў, што варта было працаваць над перакладамі. :)

Нечакана сустрэў у клюбе вядомага ў беларускіх інтэлектуальных колах айца-дамініканіна. Ён запрасіў нас за столік. Сьвятарным жэстам пераламіў для нас вэгетарыянскую піцу. І літасьціва дазволіў цынічнаму мне напісаць пра гэта верш. Я абмежаваўся постынгам.
nohi

In Vilnia veritas!

Некалі беларускі паэт П. напісаў верш пра Вільню. І пачаў так: “Мы вернемся сюды на танках”. А пасьля голасна й патасна прачытаў яго ў Вільні ў прысутнасьці гаспадароў-літоўцаў.
Канфузу ж было!..

А вось днямі цэлы дэсант нашых маладых літаратараў прызямліўся ў Вільні – і ўсё адбылося надзвычай прыгожа й інтэлігентна. Тры дні жыцьця й майстар-клясаў у “Беларускім доме правоў чалавека”. Сустрэчы зь літоўскімі, а таксама беларускімі віленскімі творцамі. І шмат крэатыву – вельмі забаўных, а часам і досыць сур’ёзных опусаў пра “крывіцкую Мэкку”. Я таксама далучыўся, накатыўшы свой крэатыў.

А ўчора ўсе мы сабраліся разам і амаль да пятай гадзіны ночы - байцы ўспаміналі мінуўшыя дні... Вось жа, вам, дарагім, прысьвячаецца.


Маладым літаратарам

Мы вернемся сюды на танках,
На коласах, купалах, цётках,
На плястылінавых чытанках,
На першых сакавіцкіх фотках.

Нам геній гораду заступнік.
Мы разьбярэмся, што тут ё.
Расставім кропачкі над “ё”
і пакаштуем іхны крупнік
пад лёзунгам “любі сваё”.

Каб нецьвярозых беларусаў
хістала, быццам на прычале,
і п’яніцы з вачыма трусаў
“in Vilnia veritas!” крычалі.