khadanovich (khadanovich) wrote,
khadanovich
khadanovich

ТАБУРЭТКА

           Уладзіміру Някляеву

У дзяцінстве, калі
Па радзімай зямлі
Дзед-Марозы хадзілі нярэдка,
Сам Сьвяты Мікалай
Загадаць мог: “Чытай,
Хлопча, вершыкі! Вось табурэтка!”

Хоць ахвоты няма,
Ды ўхіляцца дарма,
Бо жалезная ўмова – чытаньне.
Дзед Мароз тут – уласьць:
Падарунка ня дасьць,
А тады й Новы год не настане!

Дзед Мароз – цяжкі лёс,
Адмарожаны нос,
Плюс гарэліца з раніцы шкодзіць…
Дык ці скажа ён мне,
Што чытай або не,
А Каляды ўсё роўна прыходзяць?

Усё так, толькі ледзь
Ты пасьпеў пасталець –
І ў самога зьявіліся дзеткі.
Лай свой час ці ня лай,
Прыйдзе ў дом Мікалай,
І камусьці чытаць з табурэткі!

Першы – вып’е, другі –
З тэлескрыні мазгі
Небараку, што піў, прапалошча.
А ты прагнеш прыгод:
Каб настаў Новы год,
Ты стары праважаеш на Плошчы.

Бо зірні ў каляндар –
У дарозе Спадар,
Што для ўсіх нас вязе падарунак…
Ні даішнік, ні мент,
Ані іх прэзыдэнт
Не пасадзяць яго ў пастарунак!

20 сьнежня 2010 г. 
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 8 comments