khadanovich (khadanovich) wrote,
khadanovich
khadanovich

Дзяды-5

 
ДРАБІНА ДЗЯДЗІ ЯШЫ

Яна ляжала ў гародзе й бабуля казала: “Наша”, 
ды ўсе памяталі: драбіну пазычыў нам дзядзя Яша.

Прычым не задарма – адносіў яму трохлітровік соку я.
Тады ён спытаў мяне: “Гэта драбіна – доўгая ці высокая?”

Я сказаў, што высокая. І тады ён паклаў яе на зямлю.
У гэты момант я ведаў, за што яго не люблю.

Драбіна была жалезная. Дзядзя Яша сам яе зварваў.
Бацька круціў каля скроні пальцам, кажучы: “Варвар!”

А потым – іронія лёсу – мы самі яе папрасілі.
Яша цешыўся болей, чым соку, 
                      таму, што прагрэс яшчэ ў сіле.

Драбіна нам прыдалася. Быў акурат пачатак 
зьбіраньня вішняў. Ля самага плота 
                             ў шэраг стаяў дзясятак

красуняў зь цёмна-вішнёвай жывіцаю на камлі,
і што магло быць тады смачнейшае на зямлі?

Вішні былі старыя. Здаецца, апошні год 
было столькі ягад. І кожная для нас – забаронены плод.

Першымі ўзьлезьлі на дрэва мае стрыечныя сёстры.
Момант суперніцтва ў нас заўсёды быў вельмі востры, 

а тут яшчэ гэтыя вішні. Я лезу, а дзьве сцыкухі
косткамі зьверху кідаюцца. Я паскараю рухі.

Абяцаю, што зараз замучае іх аддача!
Я не паводзіўся высакародна, мой шляхетны чытачу!

Паўзу на галіну за імі па прынцыпе трэці лішні…
Пяці сэкунд не мінула, як сёстры адны засталіся на вішні.

Лячу праз плот на рабіну, а потым, гора-садоўнік,
ламаю рабіну і падаю ў найгусьцейшы дзядоўнік.

На крыкі і трэск прыбеглі дзед з бабай, бацька і мама,
і сёстры спусьціліся зь вішні палюбавацца таксама.

Пад плотам ляжала доўгая (так, дзядзя Яша!) драбіна,
зь іншага боку – я, са мной у абдымку – рабіна.

Продкі схіляюцца нада мной, і пытаюся ў продкаў я:
“Слухайце, а рабіна – нізкая ці кароткая?”
___

З таго часу ў мяне ёсьць рахункі з гародамі і садамі, 
драбінамі і рабінамі, вішнямі і дзядамі.

Бо для некага дзяды – гэта сьвята ў лістападзе,
а для іншага дзяды – вэтэраны на парадзе,
для мяне ж – абрад атрасаньня калючак
                         і мой удзел у абрадзе!
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 7 comments