?

Log in

No account? Create an account
 
 
07 November 2008 @ 01:15 pm
Гэрбэрт: двухтомнік і нумар "Архэ"  


2008 год абвешчаны годам паэта Зьбігнева Гэрбэрта. Зразумела, не магло абысьціся без выданьня харошых кніжак. Дзякуючы Польскаму Інстытуту, днямі зьяўляецца спэцыяльны нумар "Архэ", прысьвечаны Гэрбэрту. Дзякуючы польскай Амбасадзе, у выдавецтве Логвінава выходзіць ажно двухтомнік паэта. Першы том - зь вершамі і п'есай "Рэканструкцыя паэта", другі - з выбранай эсэістыкай Гэрбэрта. Вокладкі з прыемнасьцю выкладваю. Пазнаецца рука дызайнэра Міхала Анемпадыстава. :) На кожную выяву можна клікнуць.

Да выданьняў далучыўся і Ваш пакорны слуга, як укладальнік, рэдактар і адзін зь перакладчыкаў. Некаторымі новымі перакладамі хацелася б падзяліцца. Водгукі й крытыка прымаюцца. :)


ЗЬБІГНЕЎ ГЭРБЭРТ

Дождж

Калі мой старэйшы брат
вярнуўся з вайны
на лобе ў яго была
срэбная зорачка
а пад зорачкай бездань

гэта аскепак шрапнэлі
знайшоў яго пад Вэрдэнам
а можа быць пад Грунвальдам
падрабязнасьцяў ён ня помніў

ён гаварыў падоўгу
на шматлікіх мовах
але больш за ўсё любіў
мову гісторыі

ён з апошніх сілаў зь зямлі
падымаў палеглых сяброў
Фэліксяка Ганібала Ралянда

ён крычаў
што гэта апошні крыжовы паход
што хутка падзе Карфаген
а потым усхліпваючы прызнаваўся
што Напалеон яго ня любіць

мы бачылі
як палатнеў ён
пачуцьці яго пакідалі
ён паволі рабіўся помнікам

музычныя ракавінкі вушэй
зарасталі каменным лесам

скура твару
была зашпілена
на нябачныя і сухія
гузікі вачэй

яму застаўся
толькі дотык

што за гісторыі
апавядаў ён рукамі
у правай былі раманы
у левай салдацкія згадкі

брата забралі
і зьвезьлі за горад

ён вяртаецца кожную восень
худзенькі і ціхі
ня хоча ўваходзіць стукае
у акно каб я выйшаў

мы разам ходзім па вуліцах
і ён мне апавядае
нявыдуманыя гісторыі
кранаючы твар
сьляпымі пальцамі плачу


Апалён і Марсій

напраўду двубой Апалёна
з Марсіем
(абсалютнага слыху
супраць вялікага дыяпазону)
адбываецца ўвечары
калі як мы ведаем
судзьдзі
аддалі перамогу богу

прывязаны моцна да дрэва
ачышчаны дбайна ад скуры
Марсій
крычыць
і крык ляціць у высокія вушы
а Марсій адпачывае ў ценю
свайго папярэдняга крыку

пакуль у дрыжыках агіды
кіфару чысьціць Апалён

толькі здаецца што голас
Марсія аднастайны
што ён складаецца з аднаго
галоснага
А

насамрэч
Марсій
паказвае
незьлічоныя скарбы
ўласнага цела

печані лысыя горы
белы ручай страваводу
шумных лёгкіх лясы
салодкія ўзгоркі цягліцаў
трымценьне крыві і жоўчы
зімовы вецер касьцей
над памяці сольлю

пакуль у дрыжыках агіды
кіфару чысьціць Апалён

цяпер далучаецца хор
Марсія пазваночнік
той самы гук А ды толькі
глыбейшы й са смакам іржы

і гэтага – ужо зашмат
для штучных нэрваў Апалёна

прысадамі пасыпанымі жвірам
абсаджанымі самшытам
сыходзіць бог-пераможца
мяркуючы ці не паўстане
некалі з крыкаў Марсія
новага віду мастацтва
скажам
канкрэтнай музыкі

раптам яму пад ногі
падае скамянелы
салавей

Апалён паварочвае голаў
і бачыць
што дрэва да якога быў прывязаны Марсій
сівое

цалкам сівое


Мона Ліза

празь сем памежных гор
калючым дротам рэк
расстралянымі лясамі
павешанымі мастамі
я ішоў –
вадаспадамі сходаў
вірамі падводных крылаў
цераз барочнае неба
усё ў пузырах анёлаў
– ішоў да цябе
Ерусалім у раме

і вось стаю
у густой крапіве
турыстаў
на беразе пурпуровага шнура
й тваіх вачэй

ну вось і я
бачыш прыйшоў

ня меў надзеі
але прыйшоў

яна з усьмешкай прафэсійнай
нямая выпуклая быццам

пабудаваная ўся зь лінзаў
на ўгнутым фоне краявіду

між чорнай сьпінаю яе
што зьзяе месяцам у хмарах

і першым дрэвам – паражнеча
ў яскравай пене сьветліні

ну вось і я
часам было
часам здавалася
ды ня варта пра гэта

цік-так усьмешка-мэтраном
а галава ківач застылы

пагляд занураны ў бясконцасьць
але ў вачах сьпяць сьлімакі

ну вось і я
мусілі прыйсьці ўсе
а прыйшоў толькі я

калі ён
ужо ня мог павярнуць галавы
ён сказаў
як толькі ўсё гэта скончыцца
паеду ў Парыж

між другім і трэцім пальцам
правае рукі
прагал
і я ўкладаю туды
пустыя шкарлупіны лёсаў

ну вось і я
гэта я
стаю ўпершыся ў паркет
жывымі пяткамі

досьць тоўстая і не красуня
на скалах распусьціла косы

адрубленая ад жыцьця
па-за гісторыяй і домам

з вушамі з вусьцішнага воску
задушаная ў тоўшчах лаку

пусты шматтомнік яе цела
зіхціць апраўлены ў брыльянты

між сьпінаю яе – і першым дрэвам
майго жыцьця

паклалі меч
і зьзяе бездань


Чаму клясыкі

1

у чацьвертай кнізе “Пэляпанэскай вайны”
Фукідыд расказвае пра свой няўдалы паход

сярод доўгіх прамоваў правадыроў
бітваў аблогаў паморкаў
густое сеткі інтрыгаў
дыпляматычных манэўраў
гэты фрагмэнт нібы голка
у стозе сена

афінская калёнія Амфіполь
трапіла ў рукі спартанцаў
бо Фукідыд не пасьпеў ёй на дапамогу

роднаму гораду ён заплаціў за гэта
пажыцьцёвым выгнаньнем

выгнаньнікі ўсіх часоў
ведаюць гэту цану


2

генэралы апошніх войнаў
калі здарыцца зь імі такое
на каленях скуголяць перад нашчадкамі
апяваюць свае геройствы
і невінаватасьць

звальваюць на падначаленых
скардзяцца на зайздросьнікаў
вінавацяць надвор’е

Фукідыд кажа толькі
што меў ён сем караблёў
што была зіма
і што ён сьпяшаўся


3

калі прадметам мастацтва
будзе збанок разьбіты
вялікія крыўды і сьлёзы
маленькай разьбітай душы

то ўсё што ад нас застанецца
будзе як плач каханкаў
у брудным маленькім гатэлю
зь першым сьвятлом на шпалерах


Пан Когіта пра магію

1

Мірча Эліядэ мае рацыю
мы – нягледзячы ні на што
грамадзтва разьвітае

магія і гнастыцызм
квітнеюць як ніколі

штучны рай
і штучнае пекла
прадаюцца на кожным кроку

у Амстэрдаме адкрылі
плястыкавыя прылады катаваньняў

дзяўчынку з Масачусэтсу
ахрысьцілі крывёй

кататонікі сёмага дня
гатовыя да палёту

зараз іх праглыне чацьвертае вымярэньне
з ахрыплай сырэнаю хуткае дапамогі

па Тэлеграф-Стрыт
касякамі плывуць барадачы
у салодкім водары нірваны

Ясь Голамб прысьніў
што ён – бог
а бог – нішто
спакойна і паволі нібы пёрка
ляцеў ён з Эйфэлевай вежы

непаўнагадовы філёзаф
вучань дэ Сада
па-майстэрску рэжа
жывот цяжарнай жанчыны
і крывёй на сьцяне піша вершы
масавага зьнішчэньня

плюс яшчэ ўсходнія оргіі
вымучаныя й трохі нудныя


2

на гэтым робяцца грошы
новыя галіны прамысловасьці
новыя галіны злачынства

руплівыя караблікі плывуць
па ўсё новыя карэньчыкі

альхімікі візуальнай распусты
працуюць безь перадыху

галюцынагенная інжынэрыя
запыхалася вынаходзячы
новыя дрыжыкі
новыя колеры
новыя стогны

і вось нараджаецца мастацтва
агрэсыўнай эпілепсіі

з часам
гвалтаўнікі пасівеюць
і задумаюцца пра вечнае

тады паўстануць
новыя турмы
новыя прытулкі
новыя могілкі

аднак гэта карціна
лепшай будучыні

покуль жа
магія
квітнее
як ніколі


Акелдамà

Першасьвятары вырашаюць праблему
на мяжы этыкі і бухгальтэрыі

што рабіць са срэбранікамі
якія кінуў ім пад ногі Юда

сума запісаная
у графу выдаткаў
гісторыкі запішуць яе
у графу легендаў

не дазваляецца ўпісаць яе
у рубрыку непрадбачаныя прыбыткі
небясьпечна класьці ў скарбніцу
можа заразіць усё срэбра

не выпадае
купіць на яе сьвяцільню для храму
альбо раздаць жабракам

пасьля другой нарады
вырашаюць купіць поле ганчара
і зрабіць там
могілкі для чужынцаў

як бы аддаць
грошы за сьмерць –
сьмерці

выйсьце
было далікатнае
дык чаму ж
цягам стагодзьдзяў гудзе
назва гэтага месца
акелдамà
акелдамà
то бок – зямля крыві


Што я бачыў

Памяці Казімежа Мачарскага

Я бачыў як прарокі рвалі прыклееныя бароды
як фальшываманэтчыкі ўступалі ў сэкту й хвасталі сябе бізунамі
як каты пераапраналіся ў авечыя скуры
і сыходзілі ад народнага гневу
граючы на жалейках

я бачыў бачыў

я бачыў чалавека пасьля катаваньняў
цяпер ён сядзеў у бясьпецы ў сямейным коле
апавядаў анэкдоты еў суп
я глядзеў як ён размыкае вусны
дзясны – дзьве цярновыя галінкі зь якіх садралі скуру
у гэтым было столькі ганьбы
аголенасьці
прыніжэньня

а потым
акадэмічныя ўшанаваньні
шмат публікі кветкі
душна
нехта ўвесь час казаў пра скажэньні
я згадваў яго скажоныя вусны

ці гэта апошняя дзея
у п’есе Ананіма
дубовай нібы труна
поўнай глухіх рыданьняў
і рогату тых
якія ўздыхнулі з палёгкай
бо зноў удалося
ачысьцілі сцэну ад мёртвага рэквізыту
і падымаюць
павольна

акрываўленую заслону

1956


Фатаздымак

З гэтым хлопчыкам нерухомым нібы страла Зэнона
хлопчыкам у высокай траве што я агульнага маю
хіба што дату народзін і папілярныя лініі

здымаў мой бацька наконадні другой пэрсыдзкай вайны
лістота й аблокі падказваюць што быў жнівень
птушкі зьвінелі цыкады водар збожжа й дастатку

унізе рака што на рымскіх мапах звалася Гіпаніс
вадападзел і блізкая бура казалі хавацца ў грэкаў
прыморскія іх калёніі былі зусім недалёка

хлопчык сьмяецца даверліва сьвятло азмрачаюць толькі
цень саламянага капелюша цень хваіны цень дому
а калі зарыва толькі зарыва захаду

мой дарагі мой Ісак нахілі галаву
гэта толькі хвіліна болю а потым будзеш
чым толькі хочаш – ластаўкаю палявою лілеяй

я павінен праліць тваю кроў мой маленькі
каб ты застаўся нявінны ў спалаху летняй маланкі
ужо назаўсёды ў бясьпецы як муха ў бурштыне
прыўкрасны як захаваны ў вугалі папараці сабор
 
 
 
vaverka_puvaverka_pu on November 7th, 2008 03:23 pm (UTC)
каррашо!!!
khadanovichkhadanovich on November 7th, 2008 03:39 pm (UTC)
дзякуй!
Саваpani_cogito on November 7th, 2008 03:25 pm (UTC)
прыгожа атрымалася:)
khadanovichkhadanovich on November 7th, 2008 03:38 pm (UTC)
Спадзяюся, ты пра нашы вокладкі :)
pistonczykpistonczyk on November 7th, 2008 06:53 pm (UTC)
чоткая навіна
наступная шымборска? )
khadanovichkhadanovich on November 7th, 2008 07:09 pm (UTC)
Будзем спадзявацца. :) Зараз наступнымі будуць Гамбровіч і яшчэ пару кніг прозы, а там далей - усё магчыма. Дарэчы, колькі ў цябе зроблена?
Dź. Dź.dm_dmitriev on November 7th, 2008 09:58 pm (UTC)
ах... дайце дзьве!
вершы, дакладна набуду...
khadanovichkhadanovich on November 8th, 2008 08:03 am (UTC)
22 лістапада ў Менску будзе прэзэнтацыя.
Dź. Dź.dm_dmitriev on November 8th, 2008 12:45 pm (UTC)
ў гэты час я буду ў цягніку.
khadanovichkhadanovich on November 8th, 2008 05:10 pm (UTC)
будзеш слухаць прэзэнтацыю праз мабільнік :)
Dź. Dź.dm_dmitriev on November 9th, 2008 10:53 am (UTC)
- Вы хотите говорить по телефону?
- Нет. По граммофону!
("Асса")
vaverka_puvaverka_pu on November 7th, 2008 11:17 pm (UTC)
ыыыыыы! перадаваое грамадскосць хаціць дзядзьку Вітальда!!!!!
khadanovichkhadanovich on November 8th, 2008 08:03 am (UTC)
Хутка зьявіцца "Фэрдыдурке" ў перакладзе Сёмухі ў выдавецтве Зьмітра Коласа, чакайце! :)