khadanovich ([info]khadanovich) wrote,
@ 2008-02-15 12:46:00
Previous Entry  Add to memories!  Tell a Friend  Next Entry
Афанасьева. Пра самалёт і ня толькі
10 лютага мелі зь Сяргіем Жаданом і Насьцяй Афанасьевай вельмі сымпатычную вечарыну ў Харкаве: чыталі трыма мовамі, свае вершы і пераклады адно аднаго. Вывешваю тут крыху сваіх перакладаў з Насьці.


Не пра самалёт

З высокіх рук прыйшоў адказ:
Жыцьцё ня скончыцца бяз нас,
І сьмерць таксама не настане.
Ляцім паміж аблокаў, дзе
Пілёт свой самалёт вядзе,
А ці ўпадзе, ці не ўпадзе –
Ні ты, ні ён сказаць ня ў стане.

Першы пасажыр думае: “Госпадзе! Калі даляцім,
Буду хадзіць так, нібы зямля – залаты кілім:
Асьцярожна, ашчадна, зь любоўю.
Дыхаць на кожны крок.
Штодзённа званіць буду маме.
(Кожны погляд у вочы сьмерці –
Цудоўны шанец падумаць над
Усімі сваімі грахамі.)
Ня буду грызьці алоўкаў,
Павукоў перастану баяцца,
Не забуду даваць ежы коткам,
Буду добрым хлопчыкам, не паяцам,
Стану сапраўдным зайцам”.
Але зь першым жа дотыкам
Шасі да пасадкавай паласы,
Перашкоды адолеўшы аэрапорту,
Калі вецер сапраўдны ўжо дзьме яму ў твар,
Крок зрабіўшы, другі, і трэці, і сотню,
Ён ідзе, ўсё забыўшы, – ня зайцам,
А зіхоткім ад шчасьця мярзотнікам.

Другі пасажыр думае: “Госпадзе! Калі не даляцім,
На тое твая воля.
Толькі ці можна ўсё гэта імгненна,
Бяз болю.
Я ня ведаю, што ты зрабіць пажадаеш з намі,
Ці стануць сны ў самалёце апошнімі нашымі снамі.
Ён глядзіць у ілюмінатар.
Там зімовае сонца пячэ бязьлітасьней ад ліпеньскага.
Падшэўка аблокаў прыўкрасьнейшая ад кіліму пэрсідзкага.
Сонца ім дадае чырвонага.
Неба каля далягляду – зялёнае.
Чалавечыя вочы – сінія.
У зрэнках адбіта сьмяротная прыгажосьць.
Калі ён заплюшчвае вочы
І жонку ўяўляе,
І ў думках цалуе яе – ад лоба да пятак,
Згадвае бацьку і маці.
Што, – думае ён, – мае сэнс яшчэ прыгадаць,
Калі госпад вырашыў нас прыбраць”.
Вочы расплюшчвае, вочы заплюшчвае.
Перакуленыя аблокі і людзі любыя.
Калі самалёт сядае,
Ён выдыхае й сыходзіць,
І вецер сапраўдны ўжо дзьме яму ў твар.
Крок зрабіўшы, другі, і сотню,
Ён сябе адчувае злодзеем і мярзотнікам.

Ня мае значэньня, каму чытаеш малітву:
Богу ці дрэву, ці птушцы, ці псіхааналітыку.

У любым самалёце моляцца прынамсі двое.
Адна малітва падтрымлівае адно крыло, другая малітва – другое.


* * *
А звон нібыта трамвайны альбо манэтны
Распускаецца недзе
Чуеш? Зьвініць увушшу, як магніт
За вушы прыцягвае лета
Неадпаведнасьць гэту
ў сасудзістым поўзаньні
адчувае кожны эрытрацыт
Што гэта: вібразванок, ці сьвярдзёл, ці рокат
грому –
ня сьцяміць
Проста зьвініць увушшу
адбіваецца ў вокнах і памяці
стол, манітор, чалавек, ложак, паліцы з кнігамі
У гэтым рыхлым дзіцячым пакоі
у гэтым звоне вушным бы
разрозьніць хоць нешта, хоць нейкую рэч,
разьдзецца,
пераадзецца
і вызьвінець прэч


* * *
Коціцца кола па чорным асфальце
Жалезнае кола
Бразгоча і коціцца па асфальце
Навокал нікога
Нічога ня можа спыніць яго бо няма
Нават паветра а трэньня і пагатоў
Яно коціцца дзесяць мільёнаў гадоў
Ня тлее і не ржавее
Бразгоча
Але гук не ляціць нікуды і сам у сабе сканчаецца
Нічога не адбываецца


* * *
Можна знайсьці агульную мову нават з ваўчком,
Калі насустрач раскручвацца
Калі таяць насустрач, як воск,
Можна й са сьвечкай
Знайсьці агульную мову
Калі замерці, то можна й памерці
Выпадкова

А калі вочы расплюшчыць
І паглядзець на сонца
Можна ўсё, што заўгодна,
Апроч асьлепнуць


* * *
Паслухай, Зоя,
у цябе брат дэбіл, сын шызафрэнік,
і сама ты нейкая не такая.
Адкуль у цябе золата?
Вось і зубы залатыя, і рукі, і грудзі,
жывот і сьпіна.
Цябе быццам нейкі бажок у жыцьці трымае.
Колькі раз ты магла быць забітай
маньякам, трамваем, цаглінай.
А ўсё круцісься, як завадная.

Зоя не адказвае, яна нямая.


* * *
Дзядуля на плыце з уласных сасудаў
Плыве па хвалях, па хвалях, па хвалях
Плыт расплятаецца, як дзьмухаўцовы вянок
То там тромб, то там тромб
Дзядуля сьціскае апошні капіляр
Вынырвае часам, як рыбіна за машкой
Тады раптам пазнае жонку з дачкой
Кожнага дня ўсё радзей, усё меней
Дзядуля ідзе на дно, ідзе па дне, як мулаход
Пагрузае глыбей,
расьціскае кулак
Апошні сасуд усплывае
Плыве
Прыбіваецца да берагу
Дзяўчынка-ўнучка знаходзіць
“Мама, што гэта за чырвоная стужачка?”

Усё



(8 comments) - (Post a new comment)


[info]kirill_chertkov
2008-02-15 04:07 pm UTC (link)
вельмі... вельмі да часу...

(Reply to this) (Thread)


[info]khadanovich
2008-02-15 09:33 pm UTC (link)
Дзякуй! Хоць час, па-мойму, тут не пры чым. :))

(Reply to this) (Parent)(Thread)


[info]kirill_chertkov
2008-02-15 09:43 pm UTC (link)
наогул не прычым...
але мой (ня толькі мой) час падобны па настрою да некаторых вершаў... ці можа гэта я віжу ў гэтых радках адлюстраванне свайго жыцця?.. хутчэй за ўсе і тое, і тое праўда - жыцце ў вершах, вершы ў жыцці...

ps. цяжка падбіраць патрэбныя словы...

(Reply to this) (Parent)(Thread)


[info]khadanovich
2008-02-16 09:09 am UTC (link)
Відаць, так і павіннна быць. Іначай вершы непатрэбныя. :)

(Reply to this) (Parent)


[info]maryjka_
2008-02-15 08:27 pm UTC (link)
вельмі харошая. не пра самалёты - ваапшчэ улёт.

мяняю кніжку афанасьевай, якую я ў цябе ўчора дома бачыла, на дзьве радыёнава:)

наконт "знайсьці агульную мову" - па-першае, правільней будзе, здаецца "паразумецца" (вось табе і рыфма замест мова-выпадкова), па-другое, у арыгінале ж было неяк "найті обшчій язык са сьвечой" - маецца на ўвазе язык полымя?

(Reply to this) (Thread)


[info]khadanovich
2008-02-15 09:34 pm UTC (link)
Мабыць, маеш рацыю. Так і зраблю.

(Reply to this) (Parent)


[info]earl_maniac
2008-02-17 09:55 am UTC (link)
Извините, белорусского не знаю настолько, чтобы говорить и писать на нем. Только, как собака, понимаю (а сказать ничего не могу). Но стихи мне Ваши очень нравятся. И я об этом не могу не сказать. Может, и неподходящий коммент к теме, но хотелось бы, чтобы Вы его таки нашли)

(Reply to this) (Thread)


[info]khadanovich
2008-02-17 10:57 am UTC (link)
Шчыры дзякуй за добрыя словы! :)

(Reply to this) (Parent)


(8 comments) - (Post a new comment)

Create an Account
Forgot your login or password?
Login w/ OpenID
English • Español • Deutsch • Русский…